ЛАМІ́ЙСКАЯ ВАЙНА́,

вайна саюза стараж.-грэч. дзяржаў на чале з Афінамі супраць панавання Македоніі ў 323—322 да н. э. Ініцыіравана афінянамі на чале з Дэмасфенам і Гіперыдам пасля атрымання звестак пра смерць Аляксандра Македонскага. Да Афін далучыліся некат. полісы Сярэдняй Грэцыі і Пелапанеса, асобныя ілірыйскія і фракійскія плямёны. У 323 да н.э. войска саюзнікаў на чале з Леасфенам у бітве пры Гераклеі разбіла сілы правіцеля Македоніі Антыпатра і прымусіла яго схавацца ў фесалійскай крэпасці Ламія (адсюль назва вайны). Скарыстаўшы раздробленасць антымакедонскага лагера, Антыпатр дачакаўся падмацаванняў і ў Кранонскай бітве (322 да н.э.) разбіў саюзную армію. Панаванне Македоніі ў Грэцыі было адноўлена.

т. 9, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)